Это актуально

Фотоновости

Автопереводчик



27.12.11 14:29

Прэзентацыя метадычнага дапаможніка «У пошуках гісторыі»

moiro
planet

Прэзентацыя метадычнага дапаможніка «У пошуках гісторыі» адбылася ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі 22 снежня 2011 года. Выданне кнігі стала магчымым дзякуючы супрацоўніцтву інстытута з Прадстаўніцтвам зарэгістраванага таварыства «Deutscher Volkshochschul-Verband eV» (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь у межах праекта «Кніга-падарожнік «У пошуках гісторыі».

Дадзены праект з’явіўся лагічным працягам ініцыятывы «Захоўваючы гісторыю, ствараем будучыню» ў рамках конкурсу «Гісторыя ХХ стагоддзя ў адукацыі дарослых», абвешчанага Прадстаўніцтвам нямецкай  асацыяцыі народных універсітэтаў у 2010 годзе. На рэспубліканскім форуме ў снежні 2010 года, дзе восемь праектных ініцыятыў – дзяржаўныя ўстановы адукацыі і культуры, грамадскія арганізацыі і аб'яднанні – прэзентавалі вынікі дзейнасці, узнікла ідэя выдання кнігі. Дадзеная кніга павінна была прадставіць серыю вуснагістарычных даследаванняў і лакальных сацыяльных праектаў малавядомых старонак гісторыі Беларусі XX стагоддзя ў жанры падарожжа.

На працягу кастрычніка і лістапада намаганнямі супрацоўнікаў інстытута, Прадстаўніцтва, рэгіянальных праектных груп Мінскай вобласці, шэрагу праектных ініцыятыў з іншых рэгіенаў Беларусі была праведзена складаная і плённая дзейнасць па распрацоўцы зместу кнігі, падборы фотаздымкаў, дадаткаў. Як вынік, кніга прадстаўлена уступным словам ад імя Г.У. Верамейчык, Главы Прадстаўніцтва зарэгістраванага таварыства «Deutscher Volkshochschul-Verband eV» (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь, дзевяццю раздзеламі і электронным дадаткам.

Аўтар раздзела «Вусная гісторыя: тэорыя і практыка» Гардзіенка Н.С., кандыдат гістарычных навук, прапануе чытачам рэкамендацыі па арганізацыі вуснагістарычнага даследавання, якія тычацца сямі этапаў правядзення інтэрв’ю, крытэраў яго якасці і крытэрыяў кваліфікаванасці інтэрв’юера.

Калістратава А.І., начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва МАІРА, у артыкуле «Праектны падыход да арганізацыі дзейнасці па вывучэнню і ўкараненню метадаў вуснагістарычных даследаванняў» прадставіла метадычнае апісанне працэсу падрыхтоўкі праектнай заяўкі і пакрокавай рэалізацыі адобранага праекта.

Карыснымі з пункту гледжання аўтэнтычнасці з’яўляюцца вуснагістарычныя сведчанні, сабраныя трыма рэгіянальнымі праектнымі групамі Мінскай вобласці па тэмах:

«Пасляваенная адукацыя ў Капыльскім раёне: людзі, падзеі (з вопыту біяграфічнага даследавання)»,
«Пасляваеннае аднаўленне гаспадаркі на Любаншчыне»,
«Побыт на Мядзельшчыне ў пасляваенныя часы».

Думкі, меркаванні, успаміны гістарычных сведкаў, прадстаўленыя на старонках дапаможніка, можна выкарыстоўваць у краязнаўчых, даследчых, адукатарскіх  мэтах. Асабліва трапяткія пачуцці выклікаюць тры эсэ, як форма мастацкай апрацоўкі гістарычных сведчанняў, падрыхтаваныя  А.К. Тачыцкай, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сваткаўская сярэдняя школа імя Максіма Танка» Мядзельскага раёна.

Варанцова Т.А., старшы навуковы супрацоўнік ДУА «Капыльскі раённы краязнаўчы музей» у артыкуле «Уклад у сусветную культуру ўраджэнцаў Капыльшчыны, якія эмігрыравалі на пачатку ХХ стагоддзя» закранула малаасветленую тэму лесаў знакамітых ва ўсім свеце эмігрантаў, ураджэнцаў Капыльскай зямлі.

Вытрымкі з дапаможніка «У пошуках гісторыі: паўсядзеннае жыццё савецкага Гродна», які падрыхтаваны грамадскім аб’яднаннем маладых навукоўцаў «ВІТ», дэталёва апісваюць шэсць інтэрактыўных сустрэч па некаторых аспектах гарадзенскай гісторыі савецкага перыяду.

У артыкуле «Стварэнне музея «Гісторыя адукацыі Шчучыншчыны» і гісторыя адукацыі дарослых ХХ стагоддзя» А.Я. Лісоўская і А.В. Пасюта, супрацоўнікі ДУА «Гімназія г. Шчучына», яскрава дэманструюць магчымасці выкарыстання музейных калекцый для плённай працы на глебе адукацыі дарослых.

«….сталыя людзі Беларусі з’яўляюцца сведкамі вялізнай колькасці падзей як сусветнага, так і лакальнага маштабу. Вельмі часта інфармацыя, якой яны валодаюць, не выходзіць за межы ўласнай сям’і і кола блізкіх сяброў», адзначае Вітаўт Руднік, старшыня грамадскага аб’яднання «Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў «Трэці сектар», г. Гродна. У сваім артыкуле В. Руднік распавядае аб выкарыстанні метадаў вуснай гісторыі ў працы са сталымі гараджанамі – наведвальнікамі «Універсітэту Залатога Веку» і секцыі «Жыццёвы дзённік», чые ўспаміны пакладзены ў кнігу «Гісторыя ХХ стагоддзя ва ўспамінах гарадзенцаў».

Яскравым сведчаннем шырыні тэм, якія даследуюцца пры дапамозе вуснагістарычных метадаў, з’яўляецца артыкул «Музычная спадчына і вусная гісторыя», аўтар С.С. Кунцэвіч, старшыня грамадскага аб’яднання «Лекарскі саюз», г. Магілеў.

Электронны дадатак да выдання аб'яднаў відэасюжэты «гутарковых кафэ», праведзеныя ў Любанскім, Мядзельскім і Капыльскім раёнах, фільм «Форум «Захоўваючы гісторыю, ствараем будучыню», матэрыялы па методыцы арганізацыі і правядзення інтэрв'ю з гістарычнымі сведкамі, мультымедыйныя прэзентацыі.

Разнастайныя метады, апісанню якіх адводзіцца раздзел «Метады навучання дарослых», закліканы аказаць дзейсную дапамогу ў арганізацыі і правядзенні семінараў, трэнінгаў, «гутарковых кафэ», «круглых сталоў». А.У Радзевіч, метадыст аддзела міжнароднага супрацоўніцтва МАІРА, прадстаўляе 27 актыўных метадаў, правілы іх выкарыстання, каментарыі трэнера. Дарэчы, сама прэзентацыя кнігі пачалася з ужывання аднаго з такіх метадаў – «Сняданак з героем».

Удзельнікамі прэзентацыі сталі больш за дваццаць гасцей, сярод якіх былі тыя, хто працаваў над зместам кнігі, электроннага дадатка, займаўся іх рэдагаваннем. Напрыканцы мерапрыемства удзельнікі былі запрошаныя ў музычную гасцеўню, гаспадыняй якой стала кампазітар, выканаўца ў жанры «гарадскі раманс» Галіна Скіба.

Спадзяёмся, што кніга «У пошуках гісторыі» прыйдзецца да спадобы настаўнікам, андрагогам, грамадскім і культурным дзеячам, усім тым, хто цікавіцца «жывой» гісторыяй краіны і метадамі яе вывучэння.

Фотагалерэя>>>