Это актуально

Фотоновости

Автопереводчик



02.03.17 16:02

У рамках Года навукі

28 лютага 2017 года ў рамках Года навукі на базе Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа НАН Беларусі адбыўся семінар «Асаблівасці выкладання прадметаў фізіка-матэматычных дысцыплін і інфарматыкі на беларускай мове» для настаўнікаў фізіка-матэматычных дысцыплін і інфарматыкі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінскай вобласці.

Семінар праводзіўся ў рамках дагавора аб супрацоўніцтве паміж ДУА “Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі” і Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Дырэктар Цэнтра, акадэмік Лакотка А. І., акрэсліў прыярытэтныя накірункі дзейнасці навукоўцаў і апошнія распрацоўкі ў галіне беларускага мовазнаўства.

Па актуальных праблемах тэрміналагічнай сістэмы прадметаў фізіка-матэматычнага цыклу і інфарматыкі выступілі вядучыя спецыялісты ў галіне навуковай тэрміналогіі, інфармацыйных тэхналогій, педагогікі:

• Капылоў І. Л, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт;

• Кандраценя І. У., вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей Інстытута мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН Беларусі, вучоны сакратар рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук;

• Лукашанец А. А., член-карэспандэнт НАН Беларусі,старшыня Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі, першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар;

• Бураўкін А. Г., вядучы навуковы супрацоўнік Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі;

• Ісачанкава Л. А., вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі матэматычнай і прыродазнаўчай адукацыі НІА, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт;

• Дзятко Д. У., загадчык кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ імя М. Танка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.

Настаўнікі Мінскай вобласці, спецыялісты абласнога інстытута развіцця адукацыі азнаёміліся з сучаснымі тэрміналагічнымі слоўнікамі, абмеркавалі праблемы выкладання фізікі, матэматыкі і інфарматыкі ў беларускамоўных школах, выказалі свае прапановы адносна выкарыстання ў школьнай практыцы тэрміналагічных сістэм, прадстаўленых у падручніках і дапаможніках на беларускай мове.

Удзельнікі семінара наведалі Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі, дзе азнаёміліся з работай лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення і цэнтра кіравання палётам Беларускага касмічнага апарата Навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Геаінфармацыйныя сістэмы”.

Напрыканцы мерапрыемства адбылася экскурсія ў музей гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Фотогалерея