Это актуально

Фотоновости

Автопереводчик



28.06.17 14:50

Лета – час адкрыццяў для юных археолагаў Міншчыны

У чэрвені ў Старадарожскім раёне дзейнічаў дзіцячы археалагічны палатачны летнік. Гэта адзін з нямногіх летнікаў падобнага тыпу ў межах рэспублікі для школьнікаў.

Гісторыя яго існавання пачынаецца ў 2010 годзе і налічвае ўжо дзесяць унікальных змен. За гэты час больш за 200 мясцовых выхаванцаў пад кіраўніцтвам старэйшага навуковага супрацоўніка Акадэміі навук Беларусі Алега Іова прынялі ўдзел у археалагічных даследваннях славянскіх помнікаў Старадарожчыны Х–ХІІ стагоддзяў.

У гэтым годзе школьнікам пашансавала трапіць на раскопкі дрыгавіцкага кургана ХІ–ХІІ стагоддзяў каля вёскі Пасека. На знойдзеным старажытным селішчы дзеці на свае вочы ўбачылі каменны язычніцкі ідал. Акрамя таго, былі сабраны важныя артэфакты, якія дазваляюць паглыбіць веды як аб існаванні дрыгавічоў на Старадарожчыне, так і аб жыцці старажытных людзей на тэрыторыі Міншчыны ўвогуле.

Разам з даследчай працай удзельнікі раскопак здзейснілі і адукацыйную місію: правялі цікавую экскурсію па даследуемых аб’ектах старажытнасці для выхаванцаў летніка з дзённым знаходжаннем, арганізаваным у мясцовай школе.

Акрамя магчымасці далучыцца да археалагічнай дзейнасці, школьнікаў пад кіраўніцтвам педагогаў Міхаіла Ляўшэні, Лідзіі Сцепановіч і Віталя Юрэвіча чакалі разнастайныя спартыўныя  мерапрыемствы, інтэлектуальныя конкурсы, цікавыя экскурсіі і сустрэчы. Так, да юных даследчыкаў у госці прыехаў пісьменнік Уладзімір Арлоў. Валанцёр з Брэста, прафесійны музыка і спявак Аляксандр Крываносаў два вечары спяваў ля вогнішча песні са свайго рэпертуара. Скончыўся летнік ўзнагароджваннем памятнымі сувенірамі і канцэртам, арганізаваным самімі дзецьмі.

На развітанне школьнікі і госці дамовіліся сустрэцца зноў, каб працягнуць вывучэнне мінулага сваёй зямлі і незабыўна бавіць час разам.