Валасевіч Данута Міхайлаўна – настаўнік гісторыі і грамадазнаўства дзяржаўнай установы адукацыі “Кухчыцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа Клецкага раёна”
Упершыню Сарнацкі Міхаіл Іосіфавіч прывёў сваю дачку Дану ў Нагорнаўскую васьмігадовую школу-інтэрнат, дзе працаваў лабарантам і вёў тэхнічную працу ў хлопчыкаў, калі яна была яшчэ зусім маленькай. Менавіта бацька, яго адносіны да працы, да вучняў сфарміравалі ў дзяўчынкі адносіны да школы як да храма навукі. А яшчэ разам з татам, братам, навучэнцамі і настаўнікамі гэтай школы яна аб’ехала, мабыць, палову Савецкага Саюза. У час паездак яе асабліва вабілі музеі і помнікі архітэктуры. У 8 класе дзяўчынка ўжо цвёрда ведала, што будзе займацца гісторыяй і шмат падарожнічаць.
Скончыўшы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Гісторыя», Данута Міхайлаўна Валасевіч вось ужо на працягу 34 гадоў адкрывае таямніцы гісторыі вучням Клеччыны. Так сталася, што, жывучы ў Клецку, Данута Міхайлаўна ўсё жыццё працуе ў сельскіх школах.
Настаўніца мэтанакіравана і паспяхова працуе з высокаматываванымі вучнямі. Штогод яе вучні з’яўляюцца пераможцамі другога этапу рэспубліканскай алімпіяды, дыстанцыйных і інтэрнэт-алімпіяд, а ў 2005 г. годзе вучаніца Дануты Міхайлаўны стала пераможцай ІV Рэспубліканскага конкурсу творчых работ вучняў і студэнтаў «Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці беларускага народа» і атрымала Пасведчанне аб узнагароджанні трэцяй прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі.
Аптымальнае спалучэнне традыцыйных формаў з нетрадыцыйнымі дае магчымасць вучням займацца даследчай дзейнасцю і прыносіць прызавыя месцы на раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.
У далёкім 2006 годзе Дануце Міхайлаўне пашчасціла ўдзельнічаць у здымках дакументальна-публіцыстычнага фільма рэжысёра Уладзіміра Арлова пра заснавальніка Чырвонага касцёла ў Мінску Эдварда Вайніловіча «Каля Чырвонага касцёла». З гэтага і пачалася даследчая работа па вывучэнні жыцця і дзейнасці Э.Вайніловіча, якая мае практычныя вынікі: даследчая работа вучняў пад кіраўніцтвам Валасевіч Д.М. «Эдвард Вайніловіч: Клецкае пазыкова-ашчаднае таварыства (другая палова XIX – першая трэць XX ст.)» адзначана дыпломам I ступені на навукова-практычнай канферэнцыі «Беларусь, Клецкі край і Эдвард Вайніловіч». Работа атрымала дыплом IІ ступені на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару.
Данута Міхайлаўна рэгулярна дзеліцца вопытам работы з калегамі праз правядзенне майстар-класаў падчас удзелу ў раённых, абласных і рэспубліканскіх семінарах.
Аснова яе поспеху – педагогіка супрацоўніцтва, патрабавальнасць да вучняў пры сумесным пошуку і рашэнні пастаўленых задач. Прыгожа сказаць на ўроку – значыць зацікавіць, умела паказаць – значыць, дапамагчы запомніць, выявіць супярэчнасць – значыць, абудзіць думку, вырашыць супярэчнасць – значыць, даць веды.
Крэда Дануты Міхайлаўны: «Каб быць добрым выкладчыкам, неабходна любіць тое, што выкладаеш, і любіць тых, каму выкладаеш». Давер і супрацоўніцтва, камунікабельнасць, абавязковасць, гнуткасць і пошук арыгінальных падыходаў, спалучэнне рацыянальнага са здабыткамі этнапедагогікі, памножанае на свае метадычныя дасягненні – гэта самы правільны шлях да поспеху ў навучанні і выхаванні сучасных школьнікаў.
Данута Міхайлаўна паказвае прыклад навучэнцам, калі атрымлівае рэальныя вынікі ў розных конкурсах сацыяльна-палітычнай і грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, калі творча супрацоўнічае з навучэнцамі ў галіне даследчых работ, рыхтуе іх да алімпіяднага руху, піша разам з імі артыкулы да друку ў раённых, абласных і рэспубліканскіх выданнях.
Педагагічны вопыт Валасевіч Дануты Міхайлаўны – вынік шматгадовай працы, сістэматычнага ўдасканалення і паглыблення ведаў. Адукацыя – творчы працэс вырашэння задачы навучыць, развіць, выхаваць, сфарміраваць кампетэнцыі асобы сучаснага інфармацыйнага грамадства.
Працоўная дзейнасць Дануты Міхайлаўны адзначана 6 граматамі і падзякамі раённага ўзроўню і 13 абласнога. За гады работы яна 9 разоў узнагароджвалася Граматай упраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, 5 – Граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму Клецкага раённага выканаўчага камітэта, двойчы яе праца была адзначана Падзякай начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і Падзякай старшыні Клецкага раённага выканаўчага камітэта. У 2018 годзе настаўніца ўзнагароджана Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Падзякай ДУА «Інстытут гісторыі нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».
З задавальненнем і захапленнем удзельнічае яна ў конкурсах педагагічнага майстэрства. Штогод у рамках святочнага мерапрыемства да 8 сакавіка на Клеччыне праводзіцца цырымонія ўзнагароджання па выніках раённага конкурсу «Жанчына года». Па выніках 2018 года Данута Міхайлаўна прызнана лепшай у намінацыі «Жанчына ў прафесіі».
А яшчэ яна шмат падарожнічае. Часта цытуе словы Алеся Ставера: «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць». Акрамя таго, што вывучыла шмат куточкаў роднай Беларусі, у складзе турыстычных груп наведала Італію, Аўстрыю, Польшчу, Літву, Германію, Чэхію, Балгарыю, Славакію, Турцыю. І лічыць, што самыя цікавыя маршруты – наперадзе.
Данута Міхайлаўна – выдатная маці дваіх дзяцей (дарэчы, абое маюць выэйшую педагагічную адукацыю), добрая жонка і клапатлівая бабуля. Нягледзячы на сваю занятасць у школе, яна цудоўная гаспадыня, якая ўмее стварыць камфорт і ўтульнасць для сваіх дамачадцаў. На пытанне «Аб чым вы марыце?» Данута Міхайлаўна задумліва адказвае: «Каб дзверы школы ў верасні адчыніць…»