Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае ў Год малой радзімы наведаць свае філіялы

13.09.2018
Школьнікі ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці з’яўляюцца актыўнымі наведвальнікамі музеяў, у тым ліку Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, чые філіялы размешчаны на тэрыторыі нашай вобласці.

Старэйшы філіял музея – Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» – знаходзіцца на малой радзіме народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Адноўленая нядаўна літаратурна-дакументальная экспазіцыя мемарыяльнага запаведніка адпавядае ўсім чаканням сучаснага наведвальніка.

Гасцінна расчыняюць дзверы для школьнікаў у новым навучальным годзе і іншыя філіялы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: «Яхімоўшчына» ў Маладзечанскім раёне і «Акопы» на Лагойшчыне.

Філіялы музея Янкі Купалы даюць магчымасць пазнаёміцца з жыццём і творчасцю нацыянальнага генія. Наведвальнікам, у тым ліку і школьнікам, прапануюцца аглядавыя і тэматычныя экскурсіі, квэст «У пошуках папараць-кветкі», інтэрактыўны музейна-педагагічны занятак «Вячоркі». А на базе любой установы адукацыі можа адбыцца «Музейны ўрок» па адной з тэм па жыцці і творчасці Янкі Купалы.

Запрашаем прадоўжыць традыцыю плённага супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі Міншчыны з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы ў Год малой радзімы!

Падрабязную інфармацыю пра музей і філіялы, паслугі і час працы экспазіцыі можна знайсці на сайце музея па адрасе http://kupala-museum.by/.