Даліда Людміла Міхайлаўна – намеснік дырэктара дзяржаўнай установы адукацыі “Гоцкая сярэдняя школа Салігорскага раёна”
Жаночая абаяльнасць і шчырая ўсмешка, дабрыня і патрабавальнасць, чэснасць і самаадданасць, няўрымслівасць і разважлівасць, тактоўнасць і імкненне да дыялогу, пастаяннае самаўдасканальванне і фарміраванне каманды аднадумцаў. Гэта ўсё пра педагога-творцу – намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Даліду Людмілу Міхайлаўну, якая сваім педагагічным крэдам «Выхаваць чалавека Чалавекам!» запальвае, абуджае лепшае ў маладога пакалення і калег.

Людміла Міхайлаўна ўпэўнена, што любоў чалавека да Радзімы цесна звязана з маленькаю радзімай, дзе прайшло яго дзяцінства, з рэчамі, зробленымі рукамі яго продкаў, з песнямі, што спявалі многія пакаленні. “Малая радзіма вялікая, бо яна – твая”, – даносіць думку педагог. Чым ярчэй і змястоўней веды пра родны край, яго людзей, мінуўшчыну і сучаснасць, тым больш эфектыўна будзе вырашацца адна з галоўных задач – выхаванне грамадзяніна-патрыёта. Калі будзе шанавацца і паважацца мінуўшчына, тады будзе фарміравацца і патрыятызм.
Менавіта такога прынцыпу прытрымліваецца Даліда Л.М., творчы педагагічны калектыў школы, які выкарыстоўвае этнаграфічны пласт народнай культуры, заснаваны на багатай спадчыне. Дзякуючы супрацоўнітву школы з носьбітамі ўжытковых мастацтваў, рамёстваў, этнаграфічных асаблівасцей, зберагаецца і даецца другое дыханне цудоўнаму набытку нашых продкаў, закладваецца падмурак беражлівых адносін да народнай гісторыка-культурнай спадчыны, мовы.

Сістэмная шматгадовая праца педкалектыва прынесла свой плён. Культурна-этнаграфічны праект развіцця “Палескі край – крыніца прыгажосці і натхнення”, стваральнікам і кіраўніком якога была Даліда Л.М., у першым Конкурсе мясцовых ініцыятыў праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС/ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” выйшаў у лік пераможцаў. Школа атрымала Грант арганізацыі, а творчая група рэалізавала ініцыятыву ў форме Тура выхаднога дня “Запрашаем на Палессе!”. Штогод школа прымае гасцей – удзельнікаў розных мерапрыемстваў. А візітнай карткай установы адукацыі з’яўляецца правядзенне этнаграфічнага экскурсу па школе і віртуальнай экскурсіі па вёсцы “Запрашаем на Палессе!”.
Людміла Міхайлаўна – галоўны экскурсавод тура, сумесна з вучнямі – членамі турыстычнага агенцтва “Землякі” – захапляе слухачоў сваім аповедам падчас наведвання музея, “Беларускай хаткі”. Юныя этнографы здзіўляюць гасцей высокім узроўнем выкарыстання мовы, а ўдзельнікі этнаграфічных фэстаў – яе прыгажосцю і мілагучнасцю. Аўтарам вершаваных экскурсій з’яўляецца Людміла Міхайлаўна.

За трыццаць сем гадоў педагагічнай дзейнасці Людміла Міхайлаўна заўсёды здзіўляла сваімі задумкамі, справамі, знаходкамі і запальвала сэрцы калег, бацькоў і вучняў. Творчая, энергічная, ніколі не сядзіць на месцы і натхняе іншых на добрыя справы. Нездарма калісьці яе, студэнтку МДПІ імя Горкага, ад імя інстытута абралі для выступлення на рэспубліканскім з'езде настаўнікаў. Чаму? Дзяўчына з вёскі Заўшыцы марыла стаць сельскай настаўніцай рускай мовы і літаратуры і толькі свайго Салігорскага раёна. Так і адбылося – усё жыццё прысвяціла Гоцкай сярэдняй школе на пасадзе намесніка дырэктара.
Калі здарылася аварыя на ЧАЭС і вёска Гоцк стала забруджанай зонай, многія настаўнікі і спецыялісты калгаса пераехалі ў іншыя месцы. А яна засталася! Прыкіпела сэрцам і душою да вёскі, школы, сама стала ліквідатарам (яе праз тыдзень пасля катастрофы забралі як ваеннаабавязаную на ліквідацыю аварыі). Аптымізм і надзея, што вёска будзе жыць, не згасалі, бо ў гэты час будавалася новая школа на 780 месцаў, шматкватэрныя дамы і катэджы.

Каб зрабіць школу цэнтрам культурна-грамадскага жыцця на вёсцы, вырашана было развівацца ў накірунку выхавання патрыятызму і захавання духоўных каштоўнасцей сродкамі «Этнашколы», натхняльнікам і кіраўніком якой была Людміла Міхайлаўна. Школьны музей этнаграфіі і побыту вёскі Гоцк, “Этнамайстэрня” і “Беларуская хатка” – вынік дзейнасці школьных этнографаў пад кіраўніцтвам Даліда Л.М.
А якія цікавыя справы ладзяцца ў школе: кірмашы, вячоркі, этнаграфічныя фэсты, фестывалі, фальклорныя святы. А колькі гасцей пабывала ў школе ў межах раённых метадычных аб’яднанняў, абласных семінараў, педагагічных марафонаў! Цікавыя, інавацыйныя формы работы, распрацоўка сцэнарыяў свят на мясцовым матэрыяле, вершаваныя экскурсіі – гэта частка творчых здольнасцей Людмілы Міхайлаўны. Вучні пад яе кіраўніцтвам сталі пераможцамі літаратурных конкурсаў, прысвечаных юбілею Салігорска, 430-годдзю святой Сафіі Слуцкай.
Пад кіраўніцтвам Даліда Л.М. рэалізавана шмат цікавых праектаў, што атрымалі ганаровыя ўзнагароды: “Ужытковыя рамёствы жывуць і сёння”, “Дзівосы школьнага двара”, “Музей – цэнтр грамадзянска-патрыятычнага выхавання”, “Выхаванне духоўнасці сродкамі музейнай педагогікі” і інш.
На працягу 2018-2020 гг. ва ўстанове адукацыі рэалізоўваўся абласны праект “Працоўнае выхаванне дашкольнікаў сродкамі народнай педагогікі” (аўтар і кіраўнік праекта Даліда Л.М.), яго рэалізацыя была адзначана спецыяльным дыпломам Галоўнага упраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама.
На працягу апошніх гадоў за ўдзел у конкурсах розных узроўняў вучні пад кіраўніцтвам педагога атрымліваюць каля 20 дыпломаў штогод. На абласным узроўні вучні сталі лаўрэатамі конкурсу юных экскурсаводаў і конкурса этнаграфічных музеяў. Маецца шэраг узнагарод вучняў на рэспубліканскім ўзроўні: званне Лаўрэата ў рэспубліканскім конкурсе “Пазнаём Беларусь разам”, абсалютныя пераможцы конкурсу школьных бізнес-ідэй ад Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь і Дэпартамента прадпрымальніцтва ў намінацыі “Лепшая бізнес-ідэя ў сферы вытворчасці тавараў і рамесніцтва”, дыплом паэтычнага конкурсу “Шчасце жыць у мірнай краіне” і інш.

Людміла Міхайлаўна – актыўны ўдзельнік розных конкурсаў сярод педагогаў: раённы этап рэспубліканскага конкурсу экалагічных праектаў “Зялёная школа”, конкурс на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня ў намінацыі, абласны конкурс на лепшую відэавізітку і буклет адукацыйных экскурсійных маршрутаў і г. д.
Людміла Міхайлаўна як кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Юныя этнографы” прыцягвае вучняў да даследчай краязнаўчай дзейнасці. Сабраны краязнаўчы матэрыял – аснова шэрагу даследчых работ: “Трагічнае мінулае вёскі Гоцк”, “У глушы Палесся”, “Карная аперацыя “Харнунг” на тэрыторыі беларускага Палесся ў лютым 1943 года”, “Традыцыйныя рамёствы вёскі Гоцк”, “Ручніка льняныя крылы”, “Ад сініх кветак – да кашуль дзетак”, “Гісторыя бязмена: традыцыі і сучаснасць”, якія таксама адзначны дыпломамі.
Даліда Л.М. заўсёды з задавальненннем дзеліцца вопытам сваёй працы на розных узроўнях: на абласных педчытаннях, раённых семінарах, рэспубліканскіх выставах, артыкулах і інш. У 2017 годзе стала пераможцай конкурсу ”Жанчына года Міншчыны” у намінацыі “Духоўнасць і культура”. Яна з’яўляецца кіраўніком раённага рэсурснага цэнтра “Выхаванне грамадзянска-патрыятычных якасцей падрастаючага пакалення сродкамі этнаграфіі, краязнаўства і музейнай педагогікі”.
Многае яна ўвасобіла ў жыццё, а яшчэ колькі задумак і ідэй – толькі паспявай за ёю! Выхавала дваіх дачок, якія ў школьныя гады таксама былі лідарамі, ішлі побач з матуляй. Яны – дыпламаваныя спецыялісты: старэйшая працуе ў банкаўскай сферы, малодшая – у сферы турызму і гасціннасці. У вёсцы яе паважаюць, адклікаюцца на яе прапановы, супрацоўнічаюць у справах выхавання моладзі і на карысць аграгарадка.
На працягу васьмі гадоў Людміла Міхайлаўна была дэпутатам Гоцкага сельвыканкама. Актыўнае грамадскае жыццё адзначана не толькі граматамі і падзякамі Салігорскага раённага выканкама, Мінскага аблвыканкама, але і Падзякамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.