Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Дзераўнянская сярэдняя школа” – гэта дзіўная краіна, дзе кожны дзень не падобны на папярэдні, дзе кожнае імгненне – гэта пошук чагосьці новага, цікавага, дзе няма часу сумаваць. Гэта свет, напоўнены яркімі падзеямі, адкрыццямі і незабыўнымі ўражаннямі.
Установа адукацыі з’яўляецца захавальніцай традыцый, каштоўнага педагагічнага вопыту, накопленага настаўнікамі за ўвесь час яе існавання.
Вялікая ўвага надаецца выхаванню падрастаючага пакалення.
Усё далей у глыбіню гісторыі адыходзяць падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Але ніколі не знікнуць гэтыя падзеі з памяці тых, хто ў поўнай меры адчуў на сабе горыч адступлення і радасць нашых вялікіх перамог.
У Год гістарычнай памяці ва ўстанове адукацыі “Дзераўнянская сярэдняя школа” на базе школьнага музея “Стаўбцоўшчына літаратурная” распачата работа па праекце “Няхай слава землякоў гучыць над роднаю старонкай!” Яго мэта – выхаванне патрыятызму і пачуцця гонару ў падрастаючага пакалення за свой край, за людзей, якія цаной уласнага жыцця змагаліся за Радзіму, за мір, за шчаслівае будучае свайго народа.
У рамках праекта педагогі і навучэнцы вядуць пошукавую работу па зборы звестак пра ветэранаў вялікай Айчыннай вайны – жыхароў аграгарадка Дзераўная і навакольных вёсак.
Для захавання памяці пра гэтых людзей на тэрыторыі Дзяржаўнай установы адукацыі “Дзераўнянская сярэдняя школа” створана кампазіцыя “Зорка Перамогі”.
Вялікая чырвоная зорка з надпісам “Памяць народа жыве ў вяках” увасабляе нашу краіну, якая панесла вялікія людскія страты ў гады вайны, але засталася непакорнай. Малыя зоркі сімвалізуюць чатыры франты, якія вызвалялі нашу краіну ў 1944 годзе.
Злучаючы жывую прыгажосць кветак і ідэю праслаўлення подзвігу продкаў, мы аддаём даніну памяці і павагі тым, хто ваяваў за нашу шчаслівую будучыню, а таксама фарміруем у навучэнцаў пачуццё гонару за іх.